ТАЕ́ЖНАЯ ЗО́НА.
барэальная лясная зона, прыродная геагр. зона, у ландшафтах якой пераважае тайга. Часам разглядаецца як падзона ў складзе адзінай лясной зоны ўмеранага пояса Паўн. паўшар’я. Размешчана паміж лесатундравай зонай (на Пн) і мяшаных лясоў зонай і лесастэпавай зонай (на Пд); працягваецца з 3 на У прыблізна на 9 тыс. км пераважна ў Еўразіі, таксама ў Паўн. Амерыцы. На У Еўразіі ўздзеянне халоднага зімовага мусону садзейнічае далёкаму пранікненню тайгі на Пд. Клімат ад акіянічнага да рэзка кантынент., з халоднай (ад -10 °C да -20 °C, у Паўн.-Усх. Сібіры да -50 °C і ніжэй) снежнай зімой і параўнальна цёплым (10—20 °C) вільготным летам. Колькасць ападкаў 300—600 мм за год, пераважае выпаральнасць, што спрыяе інтэнсіўнай забалочанасці тэрыторыі і мнагаводнасці рэк. На значнай ч. Сібіры пашырана шматгадовая мерзлата, што адмоўна адбіваецца на расл. і глебавым покрыве. Пераважаюць бедныя ў відавым складзе цемнахвойныя (з елкі і піхты) і светлахвойныя (пераважна з лістоўніцы) лясы, з дамешкам драбналістых парод на падзолістых і мярзлотна-таежных глебах. Прысутнічае мохавае покрыва, кусцікавы ярус. У гарах таежныя ландшафты ўтвараюць самаст. вышынны пояс. У Т.з. развіта лясная гаспадарка, паляўнічы промысел, па далінах рэк пашы, сенакосы. У Зах. Сібіры — радовішчы нафты і газу.
В.С.Аношка.
т. 15, с. 382
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)